МЯ́ККІ ЛАК,

разнавіднасць тэхнікі афорта. Малюнак выконваюць цвёрдым алоўкам, або драўлянай палачкай на тонкай зярністай паперы, пакладзенай на дошку, пакрытую мяккім гравюрным грунтам (сумесь звычайнага афортнага грунту з тлушчам). Ад націску алоўка часцінкі грунту прыліпаюць да паперы адпаведна лініям малюнка, пасля чаго здымаюцца разам з ёю і агаляюць патрэбную для траўлення паверхню. Гравюрам, выкананым у тэхніцы М.л., характэрны мяккі жывапісны зярністы штрых, які перадае спецыфіку малюнка алоўкам або вугалем. Тэхніка М.л. вядома з 17 ст., пашырана ў 19—20 ст. (К.​Кальвіц у Германіі, А.​Кіпрэнскі ў Расіі і інш.). На Беларусі ў тэхніцы М.л. працавалі Л.​Марчанка, А.​Паслядовіч, у спалучэнні з інш. тэхнікамі працуюць А.​Басалыга, А.​Кашкурэвіч, Э.​Пешкаў, У.​Савіч і інш.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)